АЛДА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

ва Усх. Сібіры, у міжрэччы Алёкмы і Учура, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Пераважаюць плоскія міжрэччы, шырокія катлавіны (выш. да 1000 м), над якімі ўзнімаюцца хрыбты Зах. Янгі, Сунагын, Кет-Кап (выш. 2306 м). Складзена з моцна змятых дакембрыйскіх гнейсаў і крышт. сланцаў, перарваных інтрузіямі гранітаў і ультраасноўных парод, перакрытых вапнякамі і пясчанікамі. Радовішчы жал. і медных рудаў, вугалю (Паўд.-Якуцкі басейн), золата, слюды. На схілах да выш. 110—1300 м тайга з даурскай лістоўніцы, вышэй — камяністая тундра.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)